ПРАГРАМЫ
ўступных выпрабаванняў па спецыяльнасці
ва ўстанове адукацыі “Гомельскі дзяржаўны каледж мастацтваў
імя Н.Ф. Сакалоўскага” у 2022 годзе
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ
Уступнае выпрабаванне па спецыяльнасці праводзіцца па наступных раздзелах
— выкананне праграмы;
— сальфеджыа (пісьмова і вусна);
— музычная літаратура (для паступаючых на спецыяльнасць
“Музыказнаўства”).
Адзнакі “0”, “1”, “2” па адным з раздзелаў уступнага выпрабавання па спецыяльнасці з’яўляюцца недапушчальнымі для далейшага конкурснага ўдзелу.
Паступаючыя на спецыяльнасць па напрамку “Спевы (акадэмічныя)”* праходзяць праверку музычна-слыхавых даных.
*Да ўступных выпрабаванняў па напрамку “Спевы (акадэмічныя)” дапускаюцца асобы, якім споўнілася 18 год. На гэтую спецыяльнасць могуць прымацца асобы, якія не маюць пачатковай музычнай адукацыі.
ВЫКАНАННЕ ПРАГРАМЫ
2-16 01 02-02 Дырыжыраванне
Паступаючыя па напрамку “Дырыжыраванне (акадэмічны хор)” павінны:
— праспяваць песню (акапэльна) і раманс (з суправаджэннем);
— прачытаць з ліста на фартэпіяна двухрадковую партытуру, прасальфеджыраваць з тактыраваннем харавыя партыі;
— прачытаць напамяць верш ці ўрывак з мастацкай прозы;
— прадэманстраваць узровень слыхавой культуры, музычнай памяці і рытму;
— выканаць на фартэпіяна эцюд, паліфанічны твор, п’есу;
— прайсці гутарку.
Паступаючыя па напрамку “Дырыжыраванне (народны хор)” павінны:
— праспяваць не менш за дзве народныя песні (адна з іх на беларускай мове без суправаджэння);
— прачытаць напамяць верш ці ўрывак з мастацкай прозы;
— прадэманстраваць узровень слыхавой культуры, музычнай памяці і рытму;
— выканаць дзве п’есы на інструменце (па выбары абітурыента);
— прайсці гутарку.
*Усе паступаючыя на спецыяльнасць “Дырыжыраванне” да здачы экзаменаў праходзяць медыцынскі агляд урача-фаніатара.
2-16 01 31-01 Фартэпіяна
Паступаючыя на спецыяльнасць “Фартэпіяна” павінны прайсці гутарку і выканаць:
— паліфанічны твор трохгалоснага складу (у арыгінале);
— твор буйной формы;
— два эцюды на розныя віды тэхнікі;
— п’есу кантыленага характару.
2-16 01 31-02 Аркестровыя струнныя
смычковыя інструменты
Паступаючыя па напрамках “Скрыпка”, “Альт” павінны прайсці гутарку і выканаць:
— дзве трохактаўныя гамы (мажорную і мінорную) умераным рухам (па 4, 8, 12 і 24 гукі 1еgаto) і арпеджыо (па 3, 9 гукаў legato);
— мажорныя і мінорныя гамы ў тэрцыю, сексту і актаву ў межах першых трох пазіцый (па 1 і 2 інтэрвалы на адзін рух смычка) ва ўмераным руху;
— два эцюды на розныя віды тэхнікі;
— твор буйной формы;
— п’есу (пажадана віртуознага характару).
Паступаючыя па напрамку “Віяланчэль” павінны прайсці гутарку і выканаць:
— дзве трохактаўныя гамы (мажорную і мінорную) умераным рухам (па 4, 8, 16 гукаў 1еgаto) і арпеджыо умераным рухам;
— мажорныя і мінорныя гамы ў тэрцыю, сексту і актаву (па 1 і 2 інтэрвалы на адзін рух смычка) ўмераным рухам;
— два эцюды на розныя віды тэхнікі;
— твор буйной формы;
— п’есу.
Паступаючыя па напрамку “Кантрабас” павінны прайсці гутарку і выканаць:
гаму;
эцюд;
дзве рознахарактарныя п’есы ці нескладаны твор буйной формы.
2-16 01 31-04 Аркестровыя духавыя і ўдарныя інструменты
Паступаючыя па напрамках “Флейта”, “Габой”, “Кларнет”, “Фагот”, “Валторна”, “Туба”, “Трамбон”, “Труба”, “Барытон”, “Саксафон” павінны прайсці гутарку і выканаць:
— дзве гамы (мажорную і мінорную) да 4-х знакаў пры ключы staccato i 1еgаtо умераным рухам, арпеджыо;
— эцюд;
— дзве п’есы (у тым ліку кантыленага характару) ці часткі цыклічнага твора.
Паступаючыя па напрамку “Ударныя інструменты” павінны прайсці гутарку і выканаць:
на ксілафоне:
— дзве гамы (мажорную і мінорную) да 4-х знакаў пры ключы умераным рухам, арпеджыо;
— эцюд;
— дзве п’есы ці часткі цыклічнага твора.
на малым барабане:
— рытмічныя фігуры (“двойкі”, “тройкі”), рытмічныя камбінацыі;
— два эцюды.
2-16 01 31-05 Інструменты народнага аркестра
Паступаючыя па напрамках “Гітара класічная”, “Цымбалы”, “Балалайка”, “Домра” павінны прайсці гутарку і выканаць:
— дзве гамы (мажорную і мінорную) у дзве актавы і арпеджыо ўмераным рухам;
— эцюд,
— два рознахарактарныя творы (у тым ліку буйной формы).
Паступаючыя па напрамку “Баян, акардэон” павінны прайсці гутарку і выканаць:
— дзве гамы (мажорную і мінорную) у 3-4 актавы і арпеджыо умераным рухам;
— эцюд;
— паліфанічны твор;
— твор буйной формы;
— п’есу на інструменце з выбарнай клавіатурай;
— апрацоўку народнай песні ці п’есу віртуознага характару.
2-16 01 32 Спевы акадэмічныя
Паступаючыя па напрамку “Спевы акадэмічныя”* павінны мець неабходныя вакальныя і музычныя здольнасці, сфарміраваны здаровы галасавы апарат, музычны слых, пачуццё рытму, музычную памяць.
У абітурыентаў не павінна быць устойлівых дэфектаў мовы, а таксама фізічных недахопаў, якія будуць перашкаджаць прафесійнай працы.
Паступаючыя павінны:
— выканаць напамяць два творы беларускіх, рускіх, заходніх кампазітараў (песню, раманс, лёгкую арыю);
— выканаць напамяць верш, байку ці частку з мастацкай прозы;
— прадэманстраваць узровень слыхавой культуры, музычнай памяці і рытму;
— прайсці гутарку.
*Усе паступаючыя на спецыяльнасць па напрамку “Спевы акадэмічныя” да здачы экзаменаў праходзяць медыцынскі агляд урача-фаніатара.
САЛЬФЕДЖЫА
Экзаменацыйныя патрабаванні устанаўліваюцца ў аб’ёме праграмы па сальфеджыа ДМШ.
Паступаючыя на спецыяльнасць “Фартэпіяна”; па напрамках “Скрыпка”, “Альт”, “Віяланчэль”, “Дырыжыраванне (акадэмічны хор)” павінны:
1. Напісаць аднагалосны дыктант на працягу 25 хвілін у аб’ёме 8 тактаў у мажорных ці мінорных танальнасцях з нескладаным рытмам і храматызмамі (памеры: 2/4, 3/4, 4/4; дыктуецца 10 разоў). Рытмічныя цяжкасці: сінкопы, трыёлі, ноты з кропкай, шаснаццатыя.
2. Праспяваць гаму да 4-х знакаў: мажорную (натуральную, гарманічную) і мінорную (натуральную, гарманічную і меладычную).
3. Праспяваць у танальнасці:
— ступені;
— інтэрвалы з вырашэннем (характэрныя, трытоны);
— акорды (трохгуччы галоўных ступеняў і іх ператварэнні,
дамінантсептакорд і яго ператварэнні з вырашэннем, паменшаны септакорд VII ступені і малы септакорд VII з вырашэннем, септакорд II ступені).
4. Праспяваць ад гуку ўверх і ўніз асобныя інтэрвалы і акорды.
(указаныя ў п.3); септакорды VII і II ступені – толькі ўверх:
павялічанае і паменшанае трохгуччы — уверх і ўніз з вырашэннем.
5. Вызначыць на слых:
— інтэрвалы і акорды ад гуку (адпаведна п.3);
— інтэрвалы і акорды ў танальнасці, асобна і ў паслядоўнасці (4-6 інтэрвалаў, 3-4 акорды).
6. Праспяваць з ліста незнаёмую мелодыю з тактыраваннем
(дырыжыраваннем) у памерах 2/4, 3/4, 4/4 (меладычныя і рытмічныя цяжкасці – адпаведна дыктанту).
Паступаючыя па напрамках “Баян, акардэон”, “Гітара класічная”,”Домра”,“Балалайка”,”Цымбалы”, “Дырыжыраванне (народны хор)” павінны:
1. Напісаць аднагалосны дыктант на працягу 25-30 хвілін у аб’еме 8 тактаў, дыятанічны, у натуральным, гарманічным мажоры ці ў адным з відаў мінору; памеры: 2/4, 3/4, 4/4; дыктуецца 10 разоў. Рытмічныя цяжкасці: чвэрць з кропкай і восьмая, шаснаццатыя, пункцірны рытм, трыёль, сінкопы.
2. Праспяваць гаму: мажорную (натуральны від), мінорную (віды — натуральны, гарманічны, меладычны) да 4-х знакаў пры ключы.
3. Праспяваць у танальнасці:
— ступені;
— інтэрвалы з вырашэннем (дыятанічныя, характэрныя: павялічаная секунда, паменшаная септыма, павялічаная квінта, паменшаная кварта; трытоны паміж ІV-VІІ ступенямі гарманічнага мінору);
— акорды (трохгуччы галоўных ступеняў і іх ператварэнні,
дамінантсептакорд і яго ператварэнні з вырашэннем, павялічанае і паменшанае трохгуччы з вырашэннем).
4. Праспяваць ад гуку ўверх асобныя інтэрвалы і акорды, указаныя ў п.3.
5. Вызначыць на слых:
— інтэрвалы, акорды ў танальнасці, асобна і ў паслядоўнасці (3-4 інтэрвалы, 3-4 акорды);
— інтэрвалы і акорды ад гуку (у адпаведнасш з п. 3).
6. Праспяваць незнаемую мелодыю з ліста з тактыраваннем (дырыжыраваннем) у танальнасці да 2-х знакаў (меладычныя і рытмічныя цяжкасці — адпаведна дыктанту).
Паступаючыя па напрамках “Кантрабас”, “Флейта”, “Габой”, “Кларнет”, “Фагот”, “Валторна”, “Туба”, “Трамбон”, “Труба”, “Барытон”, “Саксафон”, “Ударныя інструменты” павінны:
1. Напісаць аднагалосны дыктант на працягу 30 хвілін у аб’ёме 8 тактаў, дыятанічны, у натуральным мажоры ці ў адным з відаў мінору; памеры 2/4, 3/4; дыктуецца 10 разоў. Рытмічныя цяжкасці: чвэрць з кропкай і восьмая, шаснаццатыя, пункцірны рытм.
2. Праспяваць гаму: мажорную (натуральны від), мінорную (віды — натуральны, гарманічны, меладычны) да 4-х знакаў у ключы.
3. Праспяваць у танальнасці:
— ступені;
— павялічаную секунду, паменшаную септыму, трытоны з вырашэннем;
— акорды (трохгуччы галоўных ступеняў і іх ператварэнні,
дамінантсептакорд і яго ператварэнні з вырашэннем).
4. Праспяваць ад гуку ўверх асобныя інтэрвалы і акорды, указаныя ў п.3.
5. Вызначыць на слых:
— інтэрвалы, акорды ад гуку (у адпаведнасці п. 3);
— інтэрвалы і акорды ў танальнасці, асобна і ў паслядоўнасці (3-4 інтэрвалы, 2-3 акорды).
6. Праспяваць з ліста незнаемую мелодыю з тактыраваннем
(дырыжыраваннем) у танальнасці да 2-х знакаў (меладычныя і рытмічныя цяжкасці — адпаведна дыктанту).
2-17 03 01-01 Мастацтва эстрады
(інструментальная музыка)
Выкананне праграмы
Спецыялізацыя “Духавыя інструменты” (“Саксафон”, “Трамбон”, “Труба”). Паступаючыя павінны прайсці гутарку і выканаць:
— дзве гамы (мажорную і мінорную) да 3-х знакаў пры ключы штрыхамі stассаtо i 1еgаtо ўмераным рухам, арпеджыо;
— два эцюды на розныя віды тэхнікі;
— дзве рознахарактарныя п’есы (у тым ліку эстрадна-джазавага характару) ці частку цыклічнага твора.
Спецыялізацыя “Ударныя інструменты” (“Ксілафон», «Вібрафон”).
Паступаючыя павінны прайсці гутарку і выканаць:
— дзве гамы да 3-х знакаў пры ключы умераным рухам, арпеджыо;
— два эцюды;
— дзве рознахарактарныя п’есы (у тым ліку эстрадна-джазавага характару).
Выканаць на ўдарнай устаноўцы:
— асноўныя тэхнічныя прыёмы (адзіночныя і двайныя удары, рытмічныя камбінацыі);
— полірытмічны эцюд (на сумесную работу рук і ног);
— 3-4 варыянта фактуры акампанементаў у эстрадна-танцавальнай і джазавай манеры.
Спецыялізацыя “Бас-гітара”. Паступаючыя павінны прайсці гутарку і выканаць:
рознымі спосабамі гуказдабывання (плектрам ці пальцамі):
— дзве двухактаўныя гамы (мажорную і мінорную) да 3-х знакаў пры ключы умераным рухам, арпеджыо;
— два рознахарактарныя эцюды (тэхнічны і рытма-стылістычны);
— класічную п’есу ці частку цыклічнага твора;
— адну эстрадна-джазавую п’есу;
— імправізацыю на зададзеную тэму.
Спецыялізацыі “Гітара” і “Электрагітара”. Паступаючыя павінны прайсці гутарку і выканаць:
рознымі спосабамі гуказдабывання (плектрам ці пальцамі):
— дзве двухактаўныя гамы (мажорную і мінорную) да 3-х знакаў пры ключы у 2-3-х варыянтах аплікатуры, арпеджыо ўмераным рухам;
— асобныя акорды (трохгуччы, акорды з дабаўленай секстай і нонай, дамінантсептакорд, паменшаны септакорд, септакорд II ступені) чвэрцямі ў 2-3-х палажэннях;
— класічную п’есу ці частку цыклічнага твора ў суправаджэнні
фартэпіяна (плектрам);
— дзве эстрадна-джазавыя п’есы (адна з іх у акордавай фактуры).
Спецыялізацыя “Фартэпіяна”
Паступаючыя павінны прайсці гутарку і выканаць:
— паліфанічны твор трохгалоснага складу;
— два эцюды на розныя віды тэхнікі;
— дзве рознахарактарныя эстрадна-джазавыя п’есы.
САЛЬФЕДЖЫА
“Мастацтва эстрады” (інструментальная музыка)
Паступаючыя павінны:
1. Напісаць аднагалосны дыктант на працягу 25-30 хвілін у аб’ёме 8 тактаў у мажорнай ці мінорнай танальнасці са складаным рытмам і храматызмамі (памеры: 2/4, 3/4, 4/4; дыктуецца 10 разоў). Рытмічныя цяжкасці: сінкопы, трыёлі, ноты з кропкай, шаснаццатыя.
2. Праспяваць гаму да 4-х знакаў: мажорную (віды — натуральны, гарманічны) і мінорную (віды — натуральны, гарманічны і меладычны).
3. Праспяваць у танальнасці:
— ступені;
— характэрныя інтэрвалы, трытоны — з вырашэннем;
— акорды (трохгуччы галоўных ступеняў і іх ператварэнні,
дамінантсептакорд і яго ператварэнні з вырашэннем; септакорды VII ступені (паменшаны і малы), II ступені — з вырашэннем).
4. Праспяваць ад гуку ўверх і ўніз асобныя інтэрвалы і акорды, (указаныя у п. 3); септакорды VII і II ступені — уверх; павялічанае і паменшанае трохгуччы – уверх і ўніз з вырашэннем.
5. Вызначыць на слых:
— інтэрвалы і акорды ад гуку (адпаведна з п.3);
— інтэрвалы і акорды ў танальнасці, асобна і ў паслядоўнасці (4-6 інтэрвалаў, 3-4 акорды).
6. Праспяваць з ліста незнаёмую мелодыю з тактыраваннем
(дырыжыраваннем) у памерах 2/4, 3/4, 4/4, 6/8 (меладычныя і рытмічныя цяжкасці — адпаведна дыктанту).
2-21 04 31 Музыказнаўства
Паступаючыя на спецыяльнасць “Музыказнаўства” здаюць экзамен па сальфеджыо па двух раздзелах (пісьмовым і вусным), а таксама па музычнай літаратуры*.
Па сальфеджыа паступаючыя павінны:
1. Напісаць аднагалосны дыктант на прцягу 30 – 35 хвілін у аб’ёме 8 – 10 тактаў, які ўключае ў меладычны малюнак: скачкі, храматызмы, розныя рытмічныя
складанасці (сінкопы, пункцірны рытм, трыёлі).
2. Праспяваць
у таналънасці (да 6-і знакаў пры ключы):
— гамы;
— простыя дыятанічныя інтэрвалы; трытоны, характэрныя інтэрвалы з вырашэннем;
— трохгуччы мажорныя і мінорныя, павялічанае і паменшанае
трохгуччы з вырашэннем;
— дамінантсептакорд і яго ператварэнні; септакорды II ступені, ўводны з вырашэннем;
— паслядоўнасці акордаў і інтэрвалаў з прасцейшымі адхіленнямі ў
роднасныя танальнасці;
ад гуку:
— простыя інтэрвалы;
— трохгуччы мажорныя і мінорныя з ператварэннямі;
— дамінантсептакорд і яго ператварэнні; септакорды II ступені, уводны з вырашэннем;
— павялічанае і паменшанае трохгуччы — з вызначэннем танальнасці і вырашэннем.
3. Прачытаць з ліста аднагалосныя мелодыі з храматызмамі і
мадуляцыямі ў роднасныя танальнасці.
4. Зрабіць пісьмова:
— слыхавы аналіз інтэрвалаў і акордаў, узятых ізалявана, а таксама ў паслядоўнасцях;
— прыклад на транспазіцыю;
— пабудову інтэрвалаў і акордаў ад зададзенага гуку і ў танальнасці;
— рытмічную групоўку;
— пабудову храматычнай гамы (мажорнай і мінорнай).
Час напісання 45 хвілін.
Па музычнай літаратуры паступаючыя павінны:
— напісаць музычную віктарыну (1-12 урыўкаў з пройдзеных твораў):
— расказаць аб творчым шляху кампазітара;
— зрабіць разбор музычнага твора.
Паступаючыя павінны паказаць сваю эрудыцыю ў галіне культуры і мастацтва, разбірацца ў асноўных гістарычных падзеях.
*Экзаменацыйныя патрабаванні устанаўліваюцца ў аб’ёме праграм па сальфеджыа і музычнай літаратуры ДМШ.
2-18 01 01-01 Народная творчасць (харавая музыка)
Паступаючыя па напрамку “Народная творчасць (харавая музыка)”* павінны:
— праспяваць не менш за дзве народныя песні;
— прачытаць напамяць верш, байку ці ўрывак з мастацкай прозы;
— прадэманстраваць узровень слыхавой культуры, музычнай памяці і рытму;
— выканаць дзве п’есы на інструменце (па выбары абітурыента);
— прайсці гутарку.
* Усе паступаючыя да здачы экзамену праходзяць медыцынскі агляд урача-фаніатара.
2-18 01 01-31 Народная творчасць (народныя абрады і святы)
Паступаючыя па напрамку “Народная творчасць (народныя абрады і святы)” павінны:
— прачытаць па памяці ўрывак з празаічнага твора, верш, байку;
— выканаць эцюды на зададзеную тэму;
— прайсці праверку музычна-слыхавых даных (праспяваць песню,
паўтарыць некалькі нескладаных рытмічных малюнкаў, праспяваць
меладычныя папеўкі, якія сыграны на музычным інструменце);
пластыка-харэаграфічных даных (выканаць таней альбо некалькі
танцавальных рухаў /без музыкі і з музыкай/);
— прайсці гутарку (веданне мясцовага фальклору /гульні, беларускія
народныя песні, жарты, прымаўкі, прыказкі, святы і абрады/, яго
рэгіянальныя традыцыйныя асаблівасці);
— мець вопыт удзелу ў мастацкай самадзейнасці (фальклорным,
тэатральным калектывах).
2-17 02 01 Харэаграфічнае мастацтва
2-17 02 01-04 Спецыялізацыя “Народны танец “
2-17 02 01-06 Спецыялізацыя “Эстрадны танец “
Ацэнка за экзамен складаецца з раздзелаў, кожны з якіх ацэньваецца асобнай ацэнкай і можа ўключаць дадатковыя заданні, вызначаныя прыёмнымі патрабаваннямі ў класічнай, народнай, бальнай, эстраднай харэаграфіі. Адзнакі “0”, “1”, “2” па адным з раздзелаў экзамена па спецыяльнасці з’яўляюцца недапушчальнымі для далейшага конкурснага ўдзелу.
Паступаючыя на спецыяльнасць “Харэаграфічнае мастацтва (народны танец, эстрадны танец)” павінны :
І. Прайсці праверку:
1. Фізічных даных:
— суадносіны роста і вагі;
— прапарцыянальнасць частак цела (фактура, шырыня таза, плячэй, даўжыня і форма пазваночніка);
— спецыфічныя анатамічныя даныя (нацягнутая форма нагі, вываратнасць і танцавальны крок, рухавасць і сіла стапы, гнуткасць).
2. Вонкавых сцэнічных даных:
— прывабнасць (прыгажосць), артыстычнасць, эмацыянальнасць,
валоданне мімікай;
— пластычная выразнасць (успрыманне і выкананне палажэнняў,
пазіцый і поз, каардынацыя);
— індывіуальныя здольнасці;.
— харэаграфічная памяць (маторыка).
3. Музыкальнасці:
— рух у розных рытмах, тэмпах, амплітудах;
— рытмічная памяць;
— музыкальна-выканаўчая дасканаласць;
— пластычная імправізацыя пад музыку.
II. Паступаючыя павінны:
— выканаць сола у класічнай, альбо народнай (для эстраднага танца ў эстраднай) манеры, эцюд, фрагмент альбо танцавальны нумар;
— паўтарыць прапанаваныя экзаменатарам заданні ў класічным,
народным (для эстраднага танца – эстрадным) характары, 3-4 камбінацыі;
— прайсці праверку музычна-слыхавых даных (рытмічная памяць);
— стварыць самастойна танцавальны эцюд па заданні экзаменацыйнай камісіі;
— паказаць элементы сілавой і тэхнічнай падрыхтоўкі ў скачковых, прысядачных, расцяжачных, калаваротных дарожках і камбінацыях;
— прайсці гутарку.
2-17 03 01-03 Мастацтва эстрады (спевы)
Выкананне праграмы
Паступаючыя па напрамку спецыяльнасці “Мастацтва эстрады (спевы)” павінны мець добрыя музычныя данныя: музычны слых, рытм, памяць, сфарміраваны, здаровы галасавы апарат, а таксама наяўнасць выканаўчых і артыстычных здольнасцей, валоданне пластыкай.
У паступаючых не павінна быць устойлівых дэфектаў мовы, а таксама фізічных недахопаў, якія будуць перашкаджаць прафесійнай працы.
Экзамен праходзіць у два туры.
Першы тур:
· выкананне напамяць двух вакальных твораў абавязкова беларускага ці рускага і замежнага кампазітіраў (адзін з іх без акампанементу);
· выкананне літаратурнага твора (верша, басні або ўрыўка з празаічнага твору);
· праверка музычнага слыху, музычнай памяці і рытму.
Другі тур:
· выкананне напамяць двух твораў у эстрадна-джазавай манеры пад фанаграму ( – 1) або з канцэртмайстрам;
· гутарка.
*Усе паступаючыя па напрамку спецыяльнасці “Мастацтва эстрады (спевы)” да здачы экзамену праходзяць медыцынскі агляд урача-фаніятра.